AGENT        TEAM        ACTORS        PROJECTS






БЕЛ

Словы перформера:


Вітаю! Дзякуй за тое, што вы знаходзіцеся зараз тут. Мяне клічуць Ігар Шугалееў, я незалежны акцёр і перформер з Беларусі.

Сёння вы ўбачыце праект "375 0908 2334, the body you are calling is currently not available". У ягонай назве, у гэтай камбінацыі лічбаў, якая нагадвае тэлефонны нумар, зашыфраваны сэнс:

375 - тэлефонны код Рэспублікі Беларусь

0908 – дата прэзідэнцкіх выбараў, якія былі цынічна сфальсіфікаваныя ўладамі. Незадаволенасць вынікамі выбараў вылілася ў пратэстны рэвалюцыйны рух, які доўжыцца да гэтага часу.

2334 - нумар адміністрацыйнага артыкула "Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў", па якім са жніўня 2020 года было асуджана больш за 40 тысяч беларусак/беларусаў.

Я з'яўляюся грамадзянінам краіны, дзе з 1994-га года, а гэта ўжо 29 гадоў, ва ўладзе знаходзіцца адзін прэзідэнт.

Незадаволенасць незмяняльнасцю гэтай улады, і - як фінальны трыгер, - нахабная фальсіфікацыя прэзідэнцкіх выбараў прывялі да ўсплёску грамадзянскага пратэсту.

У сваю чаргу ўлады прымянілі неапраўданую агрэсію ў падаўленні пратэстнага руху.

З 9 па 13 жніўня адбыўся сапраўдны выбух эскалацыі гвалту сілавых структур у адносінах да мірных пратэстантаў.

Тое, што адбывалася ў тыя дні, без перабольшання нагадвала ваенныя дзеянні: было ў роўнай ступені страшна знаходзіцца на вуліцы (але мы былі там) або вяртацца ноччу дадому.

У першы дзень пратэсту прыкладна з 18.00 улады мэтанакіравана адключылі інтэрнэт. Поўную шакавальную інфармацыю пра тое, што адбылося напярэдадні ва ўсёй Беларусі, мы атрымлівалі толькі пад раніцу, калі інтэрнэт, нарэшце, з'яўляўся.

Пачынаючы з першых дзён пратэстаў, відавочцы і незалежныя СМІ сталі выкладваць відэа- і фота- сведчанні прымянення неабгрунтаванага, залішняга гвалту для разгону дэманстрантаў і выпадковых мінакоў.

Затрыманыя пасля вызвалення паведамлялі аб збіванні пры затрыманні, падчас перавозкі ў аўтазаках і ў ізалятарах.

Пратэстоўцы сведчылі аб сур'ёзных траўмах, у тым ліку ад спецсродкаў: гумавых куль, светлашумавых гранат, электрашокераў. Сярод такіх траўм - раненні ад гумавых куль, пераломы, чэрапна-мазгавыя траўмы, страсення, паразы ўнутраных органаў і іншыя.

Таксама былі загінуўшыя.

Апроч фізічнага гвалту, на затрыманых аказваўся моцны псіхалагічны ціск: гэта выпадкі пагроз сур'ёзным турэмным тэрмінам, пагроз фізічным гвалтам і згвалтаваннем; ігнараванне просьбаў у аказанні медыцынскай дапамогі.

Аўтазакі былі перапоўненыя, нярэдка арыштаваных укладвалі ў два пласты.

Арыштаваных утрымлівалі ў РУУС і ў "прыёмных" ізалятарах у адной позе на працягу шмат гадзін, білі за кожны рух і за кожны гук.

Затрыманыя неаднаразова паведамлялі пра «калідоры», калі новапрыбылых у РУУС ці ізалятар праганялі паміж шэрагаў сілавікоў, якія білі кожнага дубінкамі.

Нормы напаўняльнасці камер шматкроць перавышалі: у камерах 5х6 метраў знаходзілася ад 50 да 100 чалавек. Затрыманых утрымлівалі ў антысанітарных умовах, іх абмяжоўвалі ў харчаванні і спажыванні вады.

Падчас зьбіцьця затрыманых прымушалі крычаць «Я люблю АМАП», сьпяваць беларускі гімн і гімн АМАПу, чытаць малітвы; пыталі "Хто лепшы ў свеце прэзідэнт?" і "Будзеце пісаць заяву на збіццё?".

Жыхары дамоў каля ізалятараў паведамлялі аб лямантах і крыках, якія раздаваліся з камер па начах.

І вось пасля гэтай лавіны жахлівых і шакавальных навін, пастоў, інтэрв'ю, відэа, якія з'яўляліся ў момант уключэння інтэрнэту, я адчуваў, з аднаго боку, палягчэнне, што гэтай ноччу ацалеў і не стаў героем сумных навін. А з другога боку, гэта было моцнае перажыванне за тых, да каго не мог датэлефанавацца пад раніцу.

Фраза аўтаадказчыка “The body you are calling…” палохала: абанент які выклікаецца мог быць адным з затрыманых і пацярпелых.

13 жніўня змянілася стратэгія пратэсту - дзякуючы дзённым жаночым маршам - ён стаў прынцыпова неналежным і мірным.

У наступныя дні ў горадзе стала больш бяспечна.

Мірныя пратэстоўцы занялі ўсе вуліцы. Здавалася, што ўсё скончыцца праз пару дзён. Гэта была сапраўдная эйфарыя адзінства.

Многія з нас адчувалі магутнае перажыванне: змяшанае пачуццё радасці адзінства і жаху ад учорашніх навін. Момантамі мы адчувалі, што не маем права цешыцца, быццам нашая радасць абясцэньвае тыя сведчанні бесчалавечнага абыходжання з затрыманымі.

Тады я задаў сабе пытанне: як не забыць тое, што адбылося ўчора?

14 жніўня мы з сябрамі дамовіліся перачытваць і пераглядаць навіны першых дзён, каб не выключацца з барацьбы.

Таксама важным было пытанне: а што я магу зрабіць у полі сваёй прафесіі, каб рушыць наперад пратэст?

Гэтыя пытанні сталі турбаваць мяне яшчэ больш, калі мне, адчуваючы пагрозу сваёй бяспецы, прыйшлося эміграваць з краіны.

На эміграцыі я сутыкнуўся з моцным перажываннем пачуцця віны - як высветлілася пазней, актуальным для многіх беларусак/беларусаў.

Беларускі/беларусы за мяжой адчуваюць віну перад тымі, хто ў Беларусі. Тыя, хто ў Беларусі, але баіцца выходзіць на маршы, адчуваюць віну перад тымі, хто выходзіць. Тыя, хто рэгулярна выходзіць, - перад тымі, хто быў затрыманы. Тыя, хто быў затрыманы - перад тымі, каго білі. Нарэшце, тыя, каго білі - перад тымі, хто не выжыў ці стаў інвалідам з-за катаванняў. Па сваіх уласцівасцях гэтае пачуццё бліжэй за ўсё да «віны таго, хто выжыў». Гэтае перажыванне ўпершыню апісалі псіхолагі ў працы з тымі, хто выжыў пасля Халакоста.

Усе гэтыя пытанні і абставіны злучыліся ў Перформансе, сведкамі якога вы сёння з'яўляецеся.

Час тут з'яўляецца адной з галоўных дзеючых асоб.

Аднак менавіта я выбіраю, у якую позу стаць і на які час.

Сёння перфоманс працягнецца роўна гадзіну.

Я запусціў таймер зваротнага адліку, але ён бачны толькі вам. У адрозненне ад мяне вы можаце сачыць за часам і разумець, калі перфоманс завершыцца.

Вы можаце вольна перасоўвацца па зале падчас перформансу, камунікаваць са мной, калі захочаце, а можаце ў любы момант (і на любы час) далучыцца да мяне, прыняўшы такую ж позу. Вы можаце быць сведкамі ці са-ўдзельнікамі майго перфарматыўнага жэсту.

Я хачу паказаць вам фрагмент відэа ад 12 жніўня. На кадрах - падзеі, якія адбываліся ва УУС адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска.

Са слоў пацярпелага, ў позе, якую я сёння абраў і прыняў, ён знаходзіўся каля 4-х гадзін.

Я прашу прыняць гэты мой жэст Салідарнасці з усімі, хто пацярпеў ад гвалту рэжыму. Я і ўся каманда праекту стварылі гэты пэрформанс таксама для таго, каб сабраць фінансавую дапамогу ахвярам гвалту – мы адкрылі дабрачынны рахунак у фондзе ХУМАНОШ. Гэта фонд дапамогі людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій у Беларусі.

Вы можаце выкарыстоўваць QR-код на сайце праекта, каб зрабіць ахвяраванне, калі захочаце.

Гвалт і катаванні ў Беларусі не спыняюцца ні на адзін дзень: у турмах, у следчых камітэтах, на вуліцах.



Project page:



marinadashuk.art/body

Foundation’s bank account:



Donate with PayPal
Fundacja Humanosh im. Sławy i Izka Wołosiańskich
PKO BP, BIZNES PARTNER
SWIFT: BPKOPLPW
PL 56 1020 4900 0000 8902 3365 1544